ЯЎГЕ́Н САВО́ЙСКІ (Eugen von Savoyen; 18.10.1663, Парыж — 21.4.1736),

аўстрыйскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1693), генералісімус (1697). Прынц, з Савойскай дынастыі. Сын прынца Яўгена Морыца Савойскага і Карыньянскага і Алімпіі Манчыні, пляменніцы кардынала Дж.Мазарыні. У 1683 уцёк у Вену і ўступіў валанцёрам у аўстр. імператарскую армію. У аўстра-тур. вайну 1683—99 (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) служыў у 70-тысячнай арміі хрысціян-еўрапейцаў пад камандаваннем караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага, з 1683 камандаваў драгунскім палком. З 1689 камандаваў аўстр. войскамі ў Італіі, нанёс шэраг паражэнняў франц. войскам. З 1697 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Венгрыі, дасягнуў вырашальнай перамогі над туркамі каля Зенты (11.9.1697). З 1703 старшыня Ваеннага, потым Тайнага савета пры аўстр. імператару. Уплываў на знешнюю палітыку дзяржавы, выступаў за ваен. саюз Аўстрыі з Прусіяй і Расіяй супраць Францыі. У вайну за Іспанскую спадчыну разам з англ. герцагам Дж.​Чэрчылам Мальбарам разбіў франц. і франка-баварскія войскі каля Гохштэта (13.8.1704), Турына (7.9.1706), Аўдэнардэ (11.7.1708), Мальплака (11.9.1709). У 1714 па даручэнні аўстр. імператара правёў мірныя перагаворы ў Раштаце і Бадэне (гл. Раштацкі мір 1714). У аўстра-тур. вайну 1716—18 перамог тур. войскі каля Петэрвардэйна (5.8.1716), Тэмешвара (1716) і заняў крэпасць Бялград (16.8.1717). У 1716—24 штатгальтэр Аўстр. Нідэрландаў. У 1733—34 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў вайне за Польскую спадчыну. Лічыўся найб. здольным палкаводцам свайго часу; спрыяў пераўтварэнню Аўстрыі ў магутную еўрап. дзяржаву. Аўтар мемуараў на франц. мове (выд. ў 1811).

Літ.:

Великие битвы человечества: Пер. с франц. Мн., 2000;

Шишов А.В. Сто великих военачальников. М., 2003. С. 267—272;

Лубченков Ю. Сто великих аристократов. М., 2003. С. 230—236.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)